adress г. Мінск, 220004, пр. Пераможцаў, 11

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь

У Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы адбылася творчая сустрэча, прысвечаная трыццацігоддзю беларускага парламентарызму

19.05.2026

Напярэдадні 30-годдзя ўтварэння Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 14 мая ў Мінску ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы адбылася творчая сустрэча «Служэнне Айчыне. Служэнне сцэне», прысвечаная памяці сенатараў першага і другога скліканняў, народных артыстаў СССР Мікалая Ярэменкі і Расціслава Янкоўскага. Па сваім сэнсавым напаўненні гэта мерапрыемства стала сапраўдным дыялогам эпох. На сустрэчы прысутнічалі члены Савета Рэспублікі ўсіх скліканняў — аўтары ключавых законапраектаў, людзі, якія стаялі ля вытокаў фарміравання беларускага Парламента, неслі адказнасць за ўзважаныя дзяржаўныя рашэнні. Таксама ў мерапрыемстве прыняў удзел Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Марат Маркаў.

Адкрыла творчую сустрэчу Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава. У лістападзе 1996 года народ зрабіў свой выбар — на ўсенародным рэферэндуме ў Канстытуцыю былі ўнесены змяненні і дапаўненні, у адпаведнасці з якімі на змену Вярхоўнаму Савету прыйшоў двухпалатны Парламент — Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь. Наталля Качанава звярнула ўвагу, што за 30 гадоў была праведзена сур’ёзная праца:

— Толькі за час працы першага склікання было прынята 18 кодэксаў, якія вызначылі далейшае развіццё нашай краіны. Ад Грамадзянскага і Крымінальнага да Жыллёвага і Зямельнага — тады былі закладзены контуры суверэннай дзяржавы. Упершыню з’явіўся Выбарчы кодэкс, які аб’яднаў усе шэсць відаў выбарчых працэдур у адзіны механізм. Гэта быў неабходны этап, які ператварыў Парламент у рэальны інструмент дзяржаўнага будаўніцтва.

Па словах спікера Савета Рэспублікі, сёння ў Беларусі створаны сур’ёзны заканадаўчы фундамент, і ўсё дзякуючы тым людзям, якія працавалі на працягу трох дзесяцігоддзяў у Савеце Рэспублікі:

— Яны зрабілі ўсё, каб мы сёння жылі ў такой выдатнай краіне. Беларускі парламентарызм ніколі не зводзіўся толькі да законатворчай дзейнасці. Яго сутнасць — у сацыяльнай адказнасці і сувязі з рэгіёнамі. Для гэтага быў створаны Савет па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання як эфектыўны інструмент для зваротнай сувязі прадстаўнікоў улады і народа.

Важны этап дзейнасці Савета Рэспублікі звязаны з інтэграцыяй і фарміраваннем заканадаўства для эканомікі. Ратыфікацыя дагавораў аб ЕўрАзЭС — папярэдніку ЕАЭС, закладка прававой базы Саюзнай дзяржавы і АДКБ.

— Мы першымі ў свеце прынялі Кодэкс аб культуры, у які ўвайшло больш за 60 нарматыўных прававых актаў рознага ўзроўню, — дадала Наталля Качанава. — Адначасова ішла мадэрнізацыя заканадаўства аб нацыянальнай бяспецы, супрацьдзеянні тэрарызму і экстрэмізму. У новай рэдакцыі былі прыняты законы аб ветэранах і занятасці насельніцтва, адбылося ўзмацненне адраснай падтрымкі сем’яў з дзецьмі, пашырэнне мэтавай падрыхтоўкі маладых спецыялістаў — усё гэта прамыя адказы на запыты грамадзян. І ўсё гэта дзякуючы працы членаў Савета Рэспублікі. Уклад гэтых людзей у развіццё краіны неацэнны.

Па словах Наталлі Качанавай, гэтая сустрэча адкрывае цыкл мерапрыемстваў, прысвечаных працы членаў Савета Рэспублікі розных скліканняў. Першую сустрэчу было вырашана прысвяціць Мікалаю Ярэменку і Расціславу Янкоўскаму, і спікер Савета Рэспублікі патлумачыла чаму:

— Абодва — народныя артысты СССР, сенатары, для якіх гонар, слова і справа былі непадзельныя. Яны прайшлі вайну, працавалі, ствараючы дабро для нашай краіны, падтрымалі нашага маладога Прэзідэнта. І Ярэменка, і Янкоўскі заўсёды жылі менавіта са сваім народам. Не над ім. Не ў баку. А побач — на сцэне, у зале, у Парламенце, у жыцці. Таму мы не маем права забываць тых людзей, якія стаялі ля вытокаў нашай дзяржаўнасці.

Праграма творчай сустрэчы была насычанай. У выкананні прафесійных артыстаў Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы прагучалі мемуары аб вайне і Радзіме, вершы савецкіх паэтаў, песні Пахмутавай, Высоцкага і Магамаева. На сустрэчы прысутнічалі калегі Ярэменкі і Янкоўскага — Сяргей Кавальчык, Аляксандр Яфрэмаў, Уладзімір Гасцюхін, Марыя Захарэвіч, Зінаіда Зубкова.

Міністр культуры Марат Маркаў падзякаваў спікеру за тое, што цыкл сустрэч пачаўся менавіта з дзеячаў культуры:

— Мікалай Ярэменка і Расціслаў Янкоўскі жывуць сёння сярод нас менавіта таму, што мы іх памятаем. Яны сапраўды перажылі велізарныя цяжкасці, але, што самае важнае, яны ніколі не здраджвалі сваёй краіне. Калі ты адраваешся ад зямлі, ад сваёй краіны, свайго народа, нічога, акрм безнадзейнасці, у тваім жыцці больш не будзе. У гэтых людзей гэтага не адбылося. Менавіта таму мы заўсёды гаворым пра іх.

Наступная сустрэча, па словах спікера, будзе прысвечана жанчынам — членам Савета Рэспублікі.

Па матэрыялах «СБ. Беларусь сёння»








arrow
arrow