Юбілейны XV Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур прайшоў у Гродне
5-6 чэрвеня 2026 года ў цэнтры Гродна прайшоў XV Фестываль нацыянальных культур. На працягу трох дзесяцігоддзяў гэта свята стала сімвалам адзінства і ўзаемаразумення, аб'ядноўваючы людзей праз мастацтва, традыцыі і гісторыю.
Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця фестывалю 5 чэрвеня прыняў удзел Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы выступіў перад удзельнікамі фестывалю і шматлікімі гасцямі горада над Нёманам.
Перш за ўсё Аляксандр Лукашэнка выказаўся пра надвор'е, якое не перашкодзіла правядзенню свята. Справа ў тым, што ў дзень правядзення фестывалю перыядычна ішоў дождж.
"Калі вы каго-небудзь будзеце вінаваціць у гэтым, то мяне. Я губернатару расказаў. Думаю, прыеду ў Гродзенскую вобласць пасля Магілёўскай, Гомельскай, Брэсцкай, Віцебскай - што ім падарыць? Без падарункаў жа нельга. Бальніца - гэта добра. Але яксьці пачуў я брэсцкага губернатара: ён скардзіўся, што дажджу ў вас доўга не было. Я яму ўчора патэлефанаваў: дай дождж гродзенцам, каб я з падарункам прыехаў", - расказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Пралятаючы над паўднёвай часткай Гродзенскай вобласці, магу вас парадаваць - там навокал азёры. На палях азёры - ліўні страшныя прайшлі. Вы прасілі - я зрабіў, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Тое, што сёння адбываецца, - гэта, як сяляне кажуць, наша золата. Колькі ўпадзе дажджу - столькі хлебаў вы атрымаеце ўраджаю".
Лівень, які пайшоў у самым пачатку прамовы Прэзідэнта, праз літаральна некалькі хвілін спыніўся, а неба праяснілася. "Госпадзь нас пачуў. Я, пад'язджаючы сюды, думаў пра тое, каб хоць бы дажджу не было ў гэты перыяд. Трохі ён нас падмачыў, праверыў. І паглядзіце, якое выдатнае неба. Значыць, мы не зусім грэшныя. Мы не награшылі столькі, каб Бог нас не любіў", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да гасцей і ўдзельнікаў фестывалю, прызнаўся, што даўно хацеў пабываць на гэтым свяце ў Гродне. "Ёсць у нас "Славянскі базар", ёсць у нас "Александрыя", у Брэсце сустракаецца творчая інтэлігенцыя... Але такога ўнікальнага фестывалю няма нідзе, - адзначыў ён. - І вельмі добра (тут мы ўдала ўгадалі), што гэты фестываль (праходзіць. - Заўв.) у выдатным заходнім цэнтры Беларусі - у Гродне. Тут жывуць добрыя, парадкавыя людзі, якія з адкрытым сэрцам ідуць да ўсіх".
"Ідэя свята адлюстроўвае багатую гісторыю нашай роднай зямлі. Гэтая зямля размешчана на перакрыжаванні гандлёвых шляхоў, дзе сустракаліся цэлыя цывілізацыі (і сутыкаліся), дзе сустракаліся народы, рэлігіі, дзе фарміраваўся наш нацыянальны менталітэт. Гэта адкрытасць, гэта гасціннасць, уменне працаваць разам, сябраваць, гатовасць прымаць у свой дом усіх, хто ідзе з мірам і дабром", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
"Людзі да нас пацягнуліся - мы іх не павінны адштурхнуць. Мы павінны паказаць сваю адкрытасць. Калі мы ганарымся сваім менталітэтам, гасціннасцю, мы павінны паказаць гэту гасціннасць. Усім ім павінна быць прыемна жыць у нашай Беларусі. Гэта наша будучыня", - упэўнены беларускі лідар.
Прэзідэнт адзначыў, што фестываль нацыянальных культур ствараўся як традыцыя суверэннай Беларусі. У гэтай сувязі ён выказаўся пра важнасць традыцый для суверэнітэту і незалежнасці дзяржавы: "Я часта кажу: калі вы хочаце быць суверэннымі і незалежнымі, трэба мець свае традыцыі. Вось гэта - адна з традыцый, якую мы стваралі".
Цяперашняе свята з'яўляецца юбілейным і прысвечана 30-гадовай гісторыі і традыцыям форуму. Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў самым першым фестывалі нацыянальных культур прымалі ўдзел прадстаўнікі 11 нацыянальнасцей, а цяпер іх больш за 40.
"За гэты час са сціплага рэгіянальнага мерапрыемства форум ператварыўся ў культурную падзею, слава пра якую выйшла за межы краіны. А яго сталіца Гродна стала сапраўднай Меккай для тысяч турыстаў, у тым ліку з еўрапейскіх дзяржаў, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - І не перашкаджаюць гэтым людзям трохметровыя плоты, якія ўзводзяць нашы заходнія суседзі, чарговыя "жалезныя заслоны", якімі нас палохаюць. Мы не навязваемся, але па-ранейшаму гатовы да цывілізаванага дыялогу ў інтарэсах нашых народаў".
Звяртаючыся да прадстаўнікоў нацыянальных аб'яднанняў, Кіраўнік дзяржавы выказаў падзяку за дыпламатычныя ініцыятывы, падкрэсліўшы важнасць народнай дыпламатыі ў развіцці адносін з іншымі краінамі.
"Беларусь падтрымлівае дружбу з многімі краінамі, а вы дапамагаеце нам. Вы - сапраўдная народная дыпламатыя. Тое, што вы добра кажаце пра Беларусь, нам выгадна. Мы разумеем, што гэта не дабрачыннасць, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - За кожным вашым словам стаяць дзеянні. Ваша слова дорага каштуе. Гэта і ёсць народная дыпламатыя, дзякуй вам за гэта. Калі людзей звязала культурная, народная, сямейная дыпламатыя, мы, палітыкі, бяссільныя гэта разарваць".
"Да таго ж інтэрнацыянальныя сем'і (а я заўзяты прыхільнік гэтага) для Беларусі - з'ява звычайная. У іх нараджаюцца цудоўныя, прыгожыя, разумныя дзеці, якія размаўляюць на многіх мовах нашай планеты", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт таксама адзначыў, што ў беларускіх ВНУ атрымліваюць адукацыю 37 тыс. замежных студэнтаў. "Асабліва радуе, калі таленавітыя людзі застаюцца і дамагаюцца прафесійных поспехаў - у самых розных сферах. Бываючы ва ўстановах адукацыі, аховы здароўя, я там бачу не толькі нашых азербайджанцаў, армян, украінцаў ці рускіх. Там людзі з Блізкага і Далёкага Усходу, з Афрыкі. Людзі, якія, атрымаўшы тут адукацыю, засталіся ў нас. Дарэчы, добрыя спецыялісты. Мы гэта вітаем", - сказаў ён.
"І галоўнае - усіх нас павінна аб'ядноўваць і аб'ядноўвае памяць пра вялікі подзвіг савецкага народа. Не было б яго, мы таксама тут не прысутнічалі б. Велізарная колькасць - тысячы і сотні тысяч - гродзенцаў загінулі на гэтай вайне. Часам загінулі ні за што. Вось чаму мы павінны берагчы мір, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Мы, беларусы, памятаем прадстаўнікоў усіх нацыянальнасцей (а такіх было больш за 70), хто змагаўся на фронце, у партызанскіх атрадах ці падполлі, вызваляючы нашу Беларусь".
Кіраўнік беларускай дзяржавы запэўніў, што ў Беларусі будуць рабіць усё дзеля міру, і назваў вайну катастрофай. "Вайна ніколі не дасць нам магчымасць сабрацца так, як сёння. Нам не патрэбна вайна. Перамагчы (а мы абавязкова пераможам) мы можам толькі ў міры, у мірнай працы", - падкрэсліў Прэзідэнт.
"Галоўнае, што я хачу вам сказаць: калі вам хтосьці навязвае ідэю, што мы ваякі, не мірныя людзі, - не верце. Мы ні з кім не збіраемся ваяваць - толькі дружба, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Мы не ставім сваёй мэтай ваяваць - мы хочам быць мірнымі людзьмі, мы хочам мірна жыць. Я хачу, каб на захадзе Беларусі, у Гродне, гэта цвёрда засвоілі: мы хочам міру, мы нясём народам мір. Ніякія мы не агрэсары і не саагрэсары".
Прэзідэнт на цырымоніі адкрыцця фестывалю заклікаў тых, хто жыве ў Беларусі, берагчы свой квітнеючы край.
"Як некалі польскае кіраўніцтва трохгадовай-пяцігадовай даўніны нам казала пра палякаў. Я ім выразна сказаў: так, у нас жывуць палякі, але гэта мае палякі. Вы ўсе нашы, вы - беларусы. Беражыце свой край. Гэты край ужо не для нас, старэйшага пакалення. Ён для дзяцей і ўнукаў. Мы гэты квітнеючы край павінны зберагчы і прымножыць", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы таксама выказаўся пра ролю культуры, якая з'яўляецца інтэрнацыянальнай і не можа быць абмежавана рамкамі адной краіны. "Культура, навука інтэрнацыянальныя. Нельга якую-небудзь культуру замкнуць у рамках аднаго ці двух дзяржаў. Культура ў нас адна, і ў гэтай культуры шмат розных галін і напрамкаў. Таму што яна, як я сказаў, інтэрнацыянальная, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Яна не абмяжоўваецца рамкамі фестывалю. Фестываль - гэта душа культуры, норма нашага жыцця. Мне прыемна бачыць вас, захопленых гэтай ідэяй. Ідэя важная, але асабліва значны труд людзей, дзякуючы якім яна становіцца дбайна захоўваемай і абавязкова добрай традыцыяй".
Кіраўнік дзяржавы падзякаваў усім тым, хто забяспечвае правядзенне гэтага свята і развівае ўнікальны фестываль. "Вялікі дзякуй нашым арганізатарам, губернатару, уладам Гродзенскай вобласці, удзельнікам, неабыякавым людзям, якія ствараюць атмасферу дружбы і павагі розных культур, якой мы ўсе ганарымся", - сказаў ён.
Прэзідэнт павіншаваў удзельнікаў і гасцей з правядзеннем фестывалю нацыянальных культур, пажадаўшы росквіту гэтаму святу і ўсяму Гродну. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў дзевяностыя гады менавіта ў гэтым абласным цэнтры ён пачынаў сваю перадвыбарную кампанію. "Я памятаю (я абяцаў вам, што свята буду гэта памятаць), калі вы адрокліся ад нібыта сваіх кандыдатаў і мяне, тады маладога чалавека, падтрымалі на гэтых выбарах, прагаласаваўшы за мяне. Усё, што мяне прасілі, я зрабіў. Буду рабіць яшчэ больш", - запэўніў беларускі лідар.
Кіраўніку дзяржавы падаравалі святочны каравай і крыштальны сімвал фестывалю нацыянальных культур у знак падзякі за захаванне міру і дружбы на беларускай зямлі. "Бачыце, нездарма прыехаў. І свежы хлеб, і прыгожы падарунак для Палаца Незалежнасці. Дзякуй вам, гродзенцы!" - падзякаваў Прэзідэнт.
У гэтым годзе свята было прысвечана 30-гадовай гісторыі і традыцыям фестывалю, які праводзіцца з 1996 г. кожныя два гады.
У юбілейным форуме прынялі ўдзел больш за 800 прадстаўнікоў 42 нацыянальнасцей.
У праграме фестывалю - больш за 100 мерапрыемстваў, якія прайшлі 5 і 6 чэрвеня ў гістарычным цэнтры Гродна, 7 чэрвеня - на Аўгустоўскім канале.
Канцэпцыя цяперашняга фестывалю - «Свята святаў». Удзельнікі пазнаёмілі гасцей з нацыянальнымі святамі сваіх народаў.








