adress г. Мінск, 220004, пр. Пераможцаў, 11

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь

18 красавіка Міністэрства культуры праводзіць рэспубліканскі семінар, прымеркаваны да Міжнароднага дня помнікаў і гістарычных мясцін

17.04.2024

18 красавіка 2024 года на базе Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Міністэрства культуры праводзіць рэспубліканскі семінар, прымеркаваны да Міжнароднага дня помнікаў і гістарычных мясцін.

Мерапрыемства.

Праграма мерапрыемства ўключае круглы стол, прысвечаны тэматыцы практычнага, навуковага і выхаваўчага патэнцыялу матэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі, і інтэрактыўную экскурсію (наведванне знакавых аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны Міншчыны).

У ліку ўдзельнікаў прадстаўнікі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Міністэрства па ахове помнікаў гісторыі і культуры Пензенскай вобласці (Расійская Федэрацыя), спецыялісты ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны, музейнай справы, архітэктары, археолагі, мастацтвазнаўцы, прадстаўнікі сферы адукацыі г. Мінска, журналісты і прадстаўнікі СМІ.

У бягучым годзе Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясцін будзе адзначацца 40-ы раз. Гэты дзень, таксама вядомы як Дзень сусветнай спадчыны (International Day for Monuments and Sites), адзначаецца штогод 18 красавіка з 1984 года. Ідэя заснавання свята зыходзіла ад Асамблеі Міжнароднага савета па пытаннях аховы помнікаў і славутых мясцін (ICOMOS). Свята адзначаецца для прыцягнення ўвагі грамадскасці да пытанняў аховы і захавання сусветнай культурнай спадчыны. Дэвізам яго сталі словы: "Захаваем нашу гістарычную радзіму".

Яго мэта - прыцягнуць увагу людзей да пытанняў абароны і захавання сусветнай культурнай спадчыны. Таксама ў гэты дзень ёсць магчымасць больш даведацца пра сусветную спадчыну і пра тыя намаганні, якія прыкладаюцца для яе абароны і захавання.

Нажаль, не ўсе разумеюць, чаму так важна захоўваць, напрыклад, старыя будынкі. Маўляў, вакол поўна ўсяго новага, а мы трацім грошы і трасемся над трухлявымі пабудовамі. Аднак адказ ляжыць на паверхні. Шэдэўры архітэктуры, гістарычныя мясціны захоўваюць бясцэнныя веды пра мінулае, пра побыт і норавы нашых продкаў, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Культурная спадчына неабходна для развіцця краіны і яе грамадзян. Доступ да аб'ектаў культурнай спадчыны павышае ўзровень адукаванасці і эрудзіраванасці насельніцтва. Акрамя таго, помнікі і славутасці прывабліваюць турыстаў, якія папаўняюць бюджэт.

Традыцыйна ў гэты дзень праводзяць экскурсіі па памятных мясцінах, каб людзі ўбачылі і адрэстаўраваныя помнікі, і тыя, якія маюць вострую патрэбу ў больш хуткім аднаўленні. Таксама праходзяць розныя канферэнцыі, фестывалі, іншыя мерапрыемствы, якія збіраюць экспертаў, грамадскіх дзеячаў, моладзь і расказваюць, чаму так важна захаваць культурную спадчыну.

У Рэспубліцы Беларусь выбудавана сістэмная работа па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, асаблівасцю якой з'яўляецца шматнакіраванасць, комплексны падыход да аховы ўсіх аб'ектаў са статусам гісторыка-культурнай каштоўнасці і ўвага да кожнага аб'екта паасобку. Гэта і мерапрыемствы, якія праводзяцца як на нацыянальным, так і міжнародным узроўні, у сферы рэгулявання і ўдасканалення заканадаўства, у плоскасці практычнай рэалізацыі запланаваных мерапрыемстваў.

Наша краіна мае найбагатую гісторыю, якая пакінула нам унікальную гісторыка-культурную спадчыну. Па стане на 18.04.2024 у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь (gosspisok.gov.by) уключана 5685 аб'ектаў спадчыны, у тым ліку:

5366 нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей, уключаючы 1838 помнікаў архітэктуры, 1217 помнікаў гісторыі, 2226 помнікаў археалогіі, 67 помнікаў мастацтва, 14 помнікаў горадабудаўніцтва, 4 запаведныя месцы;

138 рухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей;

181 нематэрыяльная гісторыка-культурная каштоўнасць.

У спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА ўключана 4 аб'екты: Белавежская пушча (1992), Мірскі замак (2000), Нясвіжскі замак (2005), Дуга Струвэ (2005) і ўключана 5 элементаў: Калядныя цары (2009), Будслаўскі фэст карагод (2018), Культура ляснога бортніцтва (2020) і Саломапляценне Беларусі (2022).

arrow
arrow